ФГиЯК в формате нового поколения!
ФГиЯК в формате нового поколения!

“ТЫ КАЖАШ, Я НЕ ВЕДАЮ ВАЙНЫ …”

Менавіта з гэтых паэтычных радкоў пачалася літаратурная імпрэза, якая адбылася 24 лютага ў чытальнай зале навуковай бібліятэкі ВДУ імя П.М.Машэрава. Удзельнікі і прысутныя – студэнты факультэта гуманітарыстыкі і моўных камунікацый. Мерапрыемства было падрыхтавана студэнтамі 21 групай пад кіраўніцтвам куратара –дацэнта кафедры літаратуры Навасельцавай Ганны Віктараўны.
Для выразнага прачытання былі абраны вядомыя творы пісьменнікаў-франтавікоў, а таксама аўтараў, якія раскрывалі ваенную тэму па ўспамінах маленства або падлеткавага ўзросту. Прагучалі вершы Аркадзя Куляшова, Аляксея Пысіна, Пімена Панчанкі, Анатоля Вярцінскага, Рыгора Барадуліна і іншых. Не абдзялілі выступоўцы ўвагай і знакамітую быкаўскую прозу, якая ўражліва перадае псіхалагічны малюнак ваеннага часу.

Была пастаўлена творчая мэта: паглядзець на рэчаіснасць Вялікай Айчыннай вайны вачыма яе сведкаў, яе ўдзельнікаў. І, думаецца, гэта мэта аказалася дасягнутай. Сваімі ўражаннямі падзялілася адна з удзельніц мерапрыемства, студэнтка Кацярына Кавальчук, якая прачытала ўрывак з аповесці “Жураўліны крык” Васіля Быкава: “Урывак быў абраны мной не выпадкова. Яшчэ ў школе, калі мы чыталі прозу Быкава, мяне моцна закранула гэта аповесць. Яе галоўныя героі прымаюць няроўны бой з ворагам… Усё адбываецца так, што нельга не задумацца пра тое, якім чынам вайсковы подзвіг пераходзіць у чалавечую самаахвярнасць…”.
Дзякуючы такім мерапрыемствам, можна смела сказаць, што ніхто не забыты, нішто не забыта.